Сапёры рыхтуюцца да падрыву снарадаў у Мікалаеве, 19 ліпеня 2022. Фото: Maciek Musialek / NurPhoto / Reuters
Паводле падлікаў украінскіх уладаў, на палове тэрыторыі краіны сёння ёсць рызыка падарвацца на міне або неразарваным снарадзе. У навінах раз-пораз паведамляюць пра пацярпелых ад мін мірных жыхароў, сабака-сапёр па мянушцы Патрон становіцца нацыянальным героем. «Медыязона» паразмаўляла з экспертамі па размінаванні пра праблему, рашэнне якой можа расцягнуцца на дзясяткі гадоў і абысціся ў сотні мільёнаў долараў.
У красавіку, калі расійская армія сышла з украінскага Трасцянца, мэр горада Юры Бава расказваў пра мясцовага жыхара, які падарваўся падчас прагулкі ў лесе — яго сабака сышоў з дарожкі і зачапіў расцяжку. Ён быў не адзіным пацярпелым ад мін, у іх ліку мэр згадваў пяцярых загінулых дзяцей.
У канцы ліпеня ў вёсцы Альхоўка кіроўца камбайна падарваўся на міне падчас працы ў полі — ён выжыў, а падарваны за некалькі дзён да гэтага ў Немышлянскім раёне Харкава трактарыст загінуў.
Натрапіць на міну ва Украіне цяпер можна, звярнуўшы на прасёлак, або на пляжы падчас купання ў моры. У пачатку чэрвеня ДСНС паведамляла аб супрацьпяхотнай міне, якую дзеці знайшлі ў пясочніцы.
У траўні прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль сцвярджаў, што прыкладна палова тэрыторыі Украіны забруджаная мінамі або неразарванымі снарадамі. Намеснік кіраўніка ДСНС Раман Прымуш назваў Украіну «самай замінаванай краінай у свеце».
На пачатак жніўня ратавальнікі абясшкодзілі больш за 174 тысячы выбухованебяспечных прадметаў і больш за 700 кілаграм выбухоўкі, у тым ліку больш за дзве тысячы авіяцыйных бомбаў. Усяго, паводле ацэнак службы, для размінавання сухапутных тэрыторый Украіне спатрэбіцца не менш за пяць гадоў, а для ачысткі воднай прасторы — дзесяць гадоў.
Вадалаз даследуе дно вадаёма, Сумская вобласць. Фота: Bahmut Pavlo / Ukrinform / Abaca / Reuters
Кіраўнік праграмы па размінаванні тэрыторыі Украіны Norwegian People's Aid Альберта Сэра тлумачыць, што, кажучы пра «забруджванне тэрыторыі», ваенныя спецыялісты маюць на ўвазе як супрацьпяхотныя і супрацьтанкавыя міны, так і выпадкова разарваныя снарады, гранаты і іншыя боепрыпасы або іх выбухованебяспечныя элементы. Паводле слоў начальніка групы піратэхнічных работ Адэскага аддзялення ДСНС Рамана Драча, які працуе цяпер у Чарнігаўскай вобласці, часцей за ўсё украінскім піратэхнікам даводзіцца мець справу менавіта з неразарванымі снарадамі.
NPA з канца лютага супрацоўнічае з Украінай і адсочвае выкарыстанне розных тыпаў узбраення. Пакуль арганізацыя праходзіць працэс рэгістрацыі НКА і сертыфікацыі, гэта неабходна, каб прыступіць да размінавання, але чакаецца, што працы пачнуцца восенню.
Сэра пакуль пазбягае даваць дакладныя ацэнкі маштабаў забруджвання: «Гэта вельмі, вельмі складана сказаць».
— Думаю, Украіна паказальная ў дрэнным сэнсе, таму што з медыяў мы ведаем, што падчас канфлікту выкарыстоўваліся самыя розныя тыпы ўзбраення: авіябомбы, кластарныя боепрыпасы, міны — так што забруджванне вельмі шырока распаўсюджанае, — канстатуе ён.
На пытанне аб тым, як доўга NPA будзе працаваць ва Украіне, Сэра адказвае: пакуль гэта дазваляюць мясцовыя ўлады. Паводле асцярожных падлікаў эксперта, размінаванне закранутых вайной тэрыторый можа заняць 20 ці нават 40 гадоў.
— Мы працавалі ў краінах накшталт Лаоса, Камбоджы, В'етнама на працягу многіх гадоў, пачынаючы з 1990-х. То бок ужо 30 гадоў, да прыкладу, у Паўднёва-Усходняй Азіі. У арабскіх краінах мы працуем прынамсі апошнія 15 гадоў. Гэта павінна даць вам уяўленне аб тым, як доўга мы можам патэнцыйна заставацца ва Украіне, — кажа ён.
Абсталяванне для размінавання і пошуку небяспечных боепрыпасаў. Фота: Christophe Gateau / Reuters
Альберта Сэра кажа, што працы сапёраў заўсёды папярэднічае збор інфармацыі.
— Фактычна, што цяпер робіць NPA — і не толькі NPA, іншыя арганізацыі робяць тое ж самае, — мы збіраем інфармацыю з адкрытых крыніц: медыяў, інтэрнэту. У нас ёсць інтэрактыўная карта, на якой рэгіструецца ўсё выкарыстанне зброі, усе бітвы, усе тэрыторыі, якія патэнцыйна могуць быць забруджаныя неразарванымі боепрыпасамі або мінамі, — раказвае ён.
Пасля збору першаснай інфармацыі, тлумачыць Сэра, на месца выязджае каманда нетэхнічнага даследавання — спецыялісты, якім трэба будзе акрэсліць межы імавернага забруджвання. У кантакце з мясцовымі ўладамі і жыхарамі яны ўдакладняюць, дзе менавіта ішлі баі, якога роду зброя ўжывалася. Гэтыя дадзеныя становяцца адпраўной кропкай для сапёраў. У найбліжэйшы час NPA плануе прыцягнуць да працы чатыры сапёрныя каманды па шэсць чалавек, а ў наступным годзе разлічвае павялічыць колькасць каманд удвая.
Раман Драч кажа, што ў першую чаргу ўкраінскія піратэхнічныя брыгады працуюць у населеных пунктах і на тэрыторыях, дзе ішлі баі альбо размяшчаліся войскі.
— Мы працуем і па заяўках ад насельніцтва, што ў нейкім месцы знойдзены боепрыпас — выязджаем туды і займаемся яго знішчэннем. А ёсць тэрыторыя, якая вызначана як небяспечная — там, дзе праводзіліся непасрэдна баявыя дзеянні. Там праводзяцца планавыя работы па размінаванні, — тлумачыць ратавальнік.
Па прыбыцці на месца, працягвае Драч, піратэхнікі (у адной брыгадзе звычайна пяць спецыялістаў) вызначаюць аб'ём работ і тып боепрыпасаў, якія трэба будзе абясшкодзіць. Пасля гэтага начальнік праводзіць інструктаж, затым кожнаму з сапёраў вылучаюць участак, які ён павінен размінаваць. У канцы — кантрольная праверка тэрыторыі: калі ніякіх небяспечных аб'ектаў не выяўляюць, то мясцовасць лічыцца ачышчанай.
Утылізуюць міны і снарады альбо на палігонах, альбо проста на месцы — у першым выпадку іх грузяць на спецыяльную машыну і вязуць на бяспечную адлегласць, а потым робяць кантраляваны падрыў. У другім выпадку піратэхнікі абавязкова аглядаюць месца падрыву — каб пераканацца, што там засталіся толькі невыбухованебяспечныя фрагменты.
На хуткасць проц моцна ўплывае рэльеф і расліннасць — праверыць узаранае поле хутчэй і прасцей, чым, напрыклад, лясны масіў, расказвае Драч. Тып забруджвання таксама грае ролю. Паводле слоў Сэра, ачыстка тэрыторыі ад мін займае больш часу, бо іх складаней выявіць — у большасці выпадкаў іх хаваюць пад пластом зямлі або маскіруюць інакш. Неразарваныя снарады заўважыць лягчэй, і ачыстка праходзіць хутчэй.
Самымі небяспечнымі Сэра называе месцы і аб'екты, звязаныя з актыўнымі баявымі дзеяннямі і прысутнасцю ваенных: палі, дзе праходзілі бітвы, акопы, блокпосты, кінутая тэхніка, будынкі, дзе былі абсталяваныя агнявыя кропкі.
NPA — гуманітарная арганізацыя, працягвае ён, таму прыярытэт у працы аддаецца месцам, дзе існуюць найбольшыя рызыкі для грамадзянскага насельніцтва. Жыхары Украіны паступова вяртаюцца ў свае хаты з эвакуацыі. У першую чаргу NPA плануе размінаваць тэрыторыі, дзе чакаецца максімальны прыток людзей, але пры гэтым рашэнне, падкрэслівае Сэра, заўсёды застаецца за ўладамі Украіны, якія каардынуюць працу НКА і кантралююць вынікі.
— Узаемадзеянне ў любым выпадку ёсць, таму што мы тэрыторыю ачышчаем адну, — кажа пра супрацоўніцтва з НКА Драч з ДСНС. — Мы павінны ўзаемадзейнічаць, каб вызначаць участкі для размінавання, каардынаваць дзеянні.
Сабака Патрон. Фота: Gleb Garanich / Reuters
Бронекамізэлькі 6-га класа, шлемы з забралам і металашукальнікі, пералічвае Раман Драч стандартную экіпіроўку ўкраінскіх піратэхнікаў.
Паводле слоў Альберта Сэра, неўзабаве пасля пачатку вайны NPA перадала Украіне па дзесяць металашукальнікаў трох розных відаў, каля 50 камплектаў абароны (камізэлек і шлемаў), 50 індывідуальных набораў першай дапамогі, 50 рацый і дзесяць вялікіх набораў першай дапамогі, разлічаных на цэлую каманду сапёраў.
Акрамя сродкаў індывідуальнай абароны і металадэтэктараў супрацоўнікі ДСНС выкарыстоўваюць для размінавання сабак. У Чарнігаве працуе самы вядомы сабака-сапёр Украіны — Патрон, які выявіў некалькі сотняў мін і ўганраваны медалём «За самаадданую службу».
Прымяняе Украіна і спецтэхніку. У красавіку генштаб ВСУ адсправаздачваўся пра выкарыстанне сапёрамі квадракоптараў і робатаў, прызначаных для размінавання цяжкадаступных памяшканняў, а выданне «Рубрика» ў чэрвені апублікавала рэпартаж аб размінаванні возера Блакітнае пры дапамозе спецыяльных падводных дронаў.
Армія ЗША падтрымала ўкраінскіх Сапёраў, перадаўшы некамерцыйнай арганізацыі HALO Trust, якая працуе ва Украіне, аднаго з двух сваіх робатаў-сабак Spot. Такія робаты могуць перамяшчаць выбухованебяспечныя прадметы без рызыкі для аператараў. Тая ж HALO Trust летась расказвала пра досвед выкарыстання іншага робата, Robocut, які ачышчае тэрыторыю ад расліннасці, што прыкметна палягчае працу сапёраў.
Абясшкоджванне бомбаў і мін у прыгарадзе Кіева, 1 чэрвеня 2022. Фота: The Yomiuri Shimbun / Reuters
Эканаміст CASE Ukraine Васіль Паварознік ацэньвае размінаванне аднаго квадратнага кіламетра тэрыторыі мінімум у 3 мільёны долараў; паводле грубых ацэнак, на размінаванне ўсёй краіны спатрэбіцца ад 400 да 900 мільярдаў долараў.
«Для разумення праблемы: размяшчэнне адной міны каштуе каля двух долараў, а размінаванне снарада — тысячу», — казаў эканаміст у інтэрв'ю ўкраінскаму Forbes.
Кіраўнік праўлення Асацыяцыі сапёраў Украіны Цімур Піструга ў інтэрв'ю тэлеканалу «Еспресо» спасылаўся на падлікі арганізацыі: ачыстка аднаго квадратнага метра тэрыторыі каштуе 3-4 долара ЗША.
Гаворачы пра будучыя выдаткі на размінаванне, Альберта Сэра адразу робіць агаворку: дакладныя лічбы назваць не ўдасца.
— Мы ведаем, што калі вы паглядзіце ў інтэрнэце, то ўбачыце інфармацыю аб тым, што закласці міну каштуе адзін долар, а размінаваць яе — напрыклад, тысячу. Я не ведаю, колькі праўды ў такіх сцвярджэннях, але сутнасць іх у тым, што размінаванне тэрыторыі можа абысціся вельмі дорага, бо гэта патрабуе часу. Гэта вельмі цяжкая праца. У нас будуць, як я казаў, каманды па шэсць, можа, дзесяць чалавек. І ўсе гэтыя людзі павінны будуць працаваць па восем гадзін у дзень гадамі. Так што калі вы нават проста падумаеце пра колькасць грошай, якая сыдзе на заробкі, страхоўкі, транспарт, офіс — мы гаворым пра мільёны долараў, — папярэджвае эксперт.
У маштабах краіны праца сапёраў і іншых спецыялістаў па размінаванні, мяркуе Сэра, з улікам працягласці працэсу будзе каштаваць ад некалькіх сотняў мільёнаў долараў да мільярда — аднак гэтыя ацэнкі вельмі прыблізныя, паўтарае ён.